Гуканне вясны для жыхароў аграгарадка «Заполле»
22 сакавіка па народным календары беларусы адзначаюць Саракі – адно з самых шанаваных народных свят, якое сімвалізуе вяртанне птушак і канчатковы прыход вясны. Разам з філіялам Запольскі сельскі Дом культуры творчыя работнікі філіялаў Каўбчанскі сельскі клуб і раённы Дом культуры зладзілі сапраўднае гуканне вясны для жыхароў аграгарадка «Заполле». Такія мерапрыемствы надзвычай важныя для захавання нашай багатай культурнай спадчыны і перадачы яе маладому пакаленню. Разам з дарослымі дзеці з радасцю ўдзельнічалі ў традыцыйных танцах і народных гульнях, такіх як “Гара”, “Калечына-малечына”, “Птушкі ў домік” і іншых. Гэтыя гульні не проста забава, але і жывая сувязь з нашымі каранямі, з мудрасцю і традыцыямі нашых продкаў. Удзельнікі гукалі вясну, ігралі на традыцыйных інструментах – свісцёлках і акарынах, упрыгожвалі дрэва каляровымі стужкамі, вадзілі карагоды. Для моладзі гэта цудоўная магчымасць не толькі пазнаёміцца з народнымі звычаямі, але і адчуць сябе часткай беларускай культуры, дакрануцца да яе душы. І, канечне, галоўным сімвалам свята былі духмяныя печаныя жаўрукі і традыцыйны пірог. Гэтыя смачныя атрыбуты свята не толькі радуюць, але і нагадваюць пра важнасць захавання кулінарных традыцый, якія таксама з’яўляюцца часткай нашай нематэрыяльнай спадчыны. Такія святы, як Саракі, дапамагаюць маладому пакаленню не губляць сувязь з мінулым, ганарыцца сваімі традыцыямі і несці іх у будучыню. Захаванне народных традыцый – гэта залог моцнай і самабытнай беларускай нацыі.
Аўтар артыкула загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання Ж.Я.Ачыновіч