«Масты сяброўства» ізноў навялі на Бярэзіншчыне
Ужо ў трэці раз адбыўся літаратурны рэгіён-фэст “Масты сяброўства”. Падзея стала традыцыйнай і сабрала ў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы творчыя дэлегацыі суседніх раёнаў Магілёўшчыны і Міншчыны, прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецкага дома “Звязда”. Сярод гасцей былі як пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемства, так і тыя, хто прыняў удзел у падзеі ўпершыню.
Дырэктар установы Наталля Маеўская пазнаёміла прысутных з формамі нагляднай рэкламы і прапаганды, сервіснымі паслугамі для чытачоў, з мастацкай эстэтыкай інтэр’ера, інфармацыйнамі магчымасцямі і багаццем кніжнага фонда. Цікавай была і экскурсія ў інфармацыйна-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.
Варта адзначыць незвычайна цёплую атмасферу свята творчых людзей, у якой выступленні кожнага вылучаліся індывідуальнай уласцівасцю. Удзельнікі рэгіён-фэста дзяліліся творчымі здабыткамі і дэманстравалі дасягненні. І паверце, кожнаму прамоўцу было чым пахваліцца! Удзельнікі творчага форуму – людзі рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Сярод іх – афіцэр запасу, журналіст, рэжысёр, майстар народных рамёстваў, дырэктар школы, культработнік…
Выдатна дэбютаваў на фэсце прадстаўнік Клічаўскага раёна Уладзімір Дзяржанскі, які прэзентаваў не толькі нізку сваіх вершаў, але і кранальную песенную кампазіцыю на свой верш – прызнанне ў любові роднаму гораду з відэасуправаджэннем.
Нікога не пакінула абыякавым выступленне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Падкацік (Капыток) з Барысава, новая кніга якой «Любить Нельзя Забыть» нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Звязда”.
Яскравымі выдаліся выступленні бярэзінцаў. Паэтычны талент Бярэзіншчыны прадставілі Таццяна Верамейчык, Уладзімір Сакаў і аўтарскія песні Мікалая Міхайлоўскага на вершы землякоў. Пры чым, на меркаванне прысутных, поўныя пачуццяў і глыбокага сэнсу вершы Уладзіміра Сакава патрабуюць асобнай гутаркі.
Дарэчы, асобы і творчасць кожнага ўдзельніка мерапрыемства былі адметнымі і цікавымі.
Вяла мерыпрыемства загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Тамара Круталевіч.
Удзельнікі фэсту – аматары прыгожага пісьменства і дзелавыя партнёры Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі па рэалізацыі праекта адзначаны дыпломамі. Літаратары пакінулі ў падарунак для бібліятэкі кнігі з аўтографамі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ, berezino.by
Переводчик