Натхненне як жыццё: знаёмімся па-новаму з Наталляй Коктыш
Сёння ў гасцінай «Сцяга Саветаў» наша сустрэча з Творцай, Майстрам з вялікай літары, педагогам, нязменным кіраўніком узорнага фальклорнага ансамбля «Купалачка», шчодрай душы чалавекам Наталляй КОКТЫШ. Наталля Васільеўна ў прадстаўленні не мае патрэбы, бо чалавек вядомы, публічны. Але паспрабуем пазнаёміцца з ёй па-новаму, нездарма кажуць, што кожны чалавек – гэта цэлы свет. Аб усім – ад першай асобы.
30 гадоў сугучча
Якраз сёння, 19 чэрвеня, узорны фальклорны ансамбль «Купалачка» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава» адзначае сваё 30-годдзе! Святочныя ўрачыстасці і вялікі творчы канцэрт праходзяць у раённым Доме культуры.
«Купалачка» – гэта ў першую чаргу пра любоў да роднай беларускай спадчыны, якую я змагла прывіць ужо 5-ці пакаленням яго ўдзельнікаў. Вось гэта, лічу, і ёсць самае вялікае маё дасягненне як педагога.
– У творчай скарбонцы калектыву – вусны, песенны, танцавальны фальклор, абрадавыя, пазаабрадавыя песні, народныя гульні, прыкметы, у якіх мудрасць, талент, душа беларускага народа. Я не хачу асобна зараз называць, вылучаць у нашай творчасці штосьці значнае, бо для мяне кожная песня, кожны элемент абраду – вынік агульнай упартай працы і дзяцей, і педагогаў школы. Гэта надзвычай трапяткое і для мяне, і для маіх выхаванцаў, гэта – цэнна, неад’емная частка жыцця.
«Купалачка» ужо даўно стала дзіцячай культурнай візітоўкай Клічаўшчыны. Сёння хачу выказаць шчырую ўдзячнасць Клічаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту за дзейсную ўсямерную падтрымку творчай дзейнасці калектыву. У дасягненнях клічаўскіх юных талентаў – вялікі уклад і маіх калег. Побытавыя танцы, народныя абрады калектыву – заслуга харэографа ДШМ Жаны
МАІСЕЕНКА. Плённае супрацоўніцтва ў нас з Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь народным ансамблем народнай музыкі і песні «Жытніца», у суправаджэнні якога выступаем на розных значных конкурсах і фестывалях. А Уладзімір ВААКС робіць і музычную апрацоўку дзіцячых песень, побытавых танцаў. Так, агульнымі намаганнямі, і нараджаецца поспех калектыву на малых і вялікіх сцэнах, прыходзіць прызнанне гледачоў. «Купалачка» нарадзілася як невялічкі дзіцячы творчы калектыў Дзмітраўскай школы мастацтваў, дзе я рабіла свае першыя крокі як настаўнік харавога класа. І першыя ўдзельнікі, і першы выпуск калектыву – дзеці з Дзмітраўскай СШ.
Многія з тых маіх вучняў сёння – работнікі культуры, творцы. Сярод іх – Юлія ГАЛДЫБАН, мая калега, настаўніца ДШМ г. Клічава; Аліна ПАШКОЎСКАЯ, работнік РДК; Вольга КУНЦЭВІЧ, намеснік дэкана аднаго з факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў; Алена МІКУЛОВІЧ – спецыяліст РЦСАН; Вольга КУДЗІНА – галоўны рэжысёр Стаўбцоўскага Цэнтра культуры і іншыя. Гэты пералік маіх выхаванцаў з «Купалачкі» можна працягваць доўга, яны жывуць і працуюць па ўсёй Беларусі і па-за яе межамі. І няхай у большасці прафесія не звязана з сферай культуры, але ж любоў і гордасць за сваю нацыянальную культуру – гэта ў іх сэрцах – назаўсёды.
Дарэчы, дзеці многіх былых нашых выхаванцаў, што жывуць у Клічаве і раёне, цяпер займаюцца ў «Купалачцы».
Сёння ў саставе калектыву – 55 дзяцей розных узростаў. У падрыхтоўчай групе самыя маленькія выхаванцы – ад 3,5 гадоў («Сунічкі»), і крышку старэйшыя – «Журавінкі», што россыпы талентаў па нашай роднай зямлі.
Сёлетнім выпускнікам калектыву – па 14 год, і гэта ўжо сапраўдныя артысты, якія пакарылі гледачоў і журы розных рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных фестываляў, людзі творчыя, якія выхаваны ў любові да матчынай мовы, звычаяў і традыцый свайго народа, сваёй Бацькаўшчыны. І з гэтым пойдуць па жыцці, упэўнена, што паспяхова, бо ёсць падмурак – моцныя духоўныя і культурныя карані, яны свае ў свеце мастацтва.

Фота Андрэя Сазонова. Наталля Коктыш і выхаванцы «Купалачкі», выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў
г. Клічава: Хрысціна Сітнік, Кацярына Лапко, Дар’я Клімянкова, Дар’я Салановіч, Таццяна Калубай і Дзяніс Крываносаў (злева направа)
Мары – крылы чалавека
Мары – гэта крылы чалавека, яны дапамагаюць нам ісці наперад, верыць у цуда і рабіць гэты свет больш яркім. Я ўпэўнена, што мары збываюцца, але патрэбна не вітаць у аблоках, а працаваць, упарта ісці да сваёй мэты!
Яркае таму пацверджанне – багатая творчая біяграфія ансамбля «Купалачка», лаўрэата мноства рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, які з поспехам выступаў як у Беларусі, так ў Расіі, Балгарыі, краінах Балтыі. Для дзяцей гэта была магчымасць не толькі важка заявіць аб сабе на высокай сцэне, але і пабачыць свет, адпачыць на моры, знасці новых сяброў. Сёлета, бліжэй да восені, плануем выступіць на адным з фестываляў у г. Санкт-Пецярбургу, пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі культурнай сталіцы Расіі.
Мары ёсць, вядома, і ў мяне асабіста, і нямала. Па-першае, стаць гаспадыняй уласнай аграсядзібы. І разам з маім мужам Сурэнам Агаджанавічам над гэтым ужо працуем. У нас ёсць дом у дачным пасёлку ў Дранях, у гэта месца на ўлонні прыроды я ўлюбілася, як толькі ўпершыню туды трапіла. У двары расце малады шыкоўны дуб, тут птушыны рай, рачулка Ганчанка – рукой падаць. Мы добраўпарадкоўваем тэрыторыю, паставілі прыгожую агароджу, альтанку, пасадзілі дрэвы, сад, ружы, стварылі сажалку, месца для вогнішча і гэтак далей. Я генерырую ідэі, а дапамагае ўвасабляць іх у жыццё муж, ён жа ў мяне на ўсе рукі майстар, сапраўдны гаспадар і надзейнае плячо для ўсёй сям’і. У гэтым доме і сёння вельмі люблю бываць, і меншая наша дачка Глафіра таксама з задавальненнем едзе сюды, хоць і камары, і няма гарадскіх зручнасцяў. Я нестандартная жанчына, хачу, каб у нашай сядзібе на вуліцы пад навесам была руская печ і я, як і некалі мая бабуля, буду пячы на полымі на сухой чыгуннай скаварадзе пульхлыя аладкі. Я ўжо спрабавала так гатаваць, атрымоўваецца. Яшчэ мару, што калі будзе больш часу, маляваць. Гэта даўняе захапленне, планую займацца жывапісам, мальберт ужо чакае.

Сям’я Наталлі Коктыш. Раённы конкурс парада дзіцячых калясак
у Дзень абароны дяцей. Чэрвень, 2018 год (фота з сямейнага архіва)
Карані
Новы Дзедзін, вёска ў Клімавіцкім раёне, што на памежжы з Шумячамі Расіі. Я тут расла ў дзядулі з бабуляй да 6-ці гадоў. А нарадзілася ў Курскай вобласці, бацька мой Васіль САПРЫКІН быў рускі, з вялікай сям’і, у яго было дзесяць братоў. Мама казала, што я знешне сходна з бацькам, а яшчэ больш з бабуляй, татавай маці, такая ж невысокая, дробная, і ў характары таксама ад іх нямала ўзяла.
Новы Дзедзін – гэта мая сям’я, карані, у тым ліку – творчыя і як асобы, усё перадалося на генным узроўні.
Гэта вёска – песенная, там адны таленты. І сям’я мая такая ж, у нас у радні многія спяваюць, танцуюць, музыканты. Адной з лепшых спявачак у вёсцы была мая бабуля Марыя, дзядуля
Васіль ЛЯПУНОЎ – цудоўны гарманіст нават на ўзроўні Беларусі, меў нямала ўзнагарод творчых конкурсаў, сам рабіў гэтыя інструменты, таму не раз з’яўляўся героем телеперадач. А яшчэ людзі яго цанілі і паважалі як гарманіста, на ўсіх вяселлях у акрузе граў! Увогуле мой дзядуля быў чалавек унікальны, умеў і лазню зрабіць, хату паставіць, быў паляўнічым, ветэрынарам самавучкам, умеў ля скаціны хадзіць. Аддуль, ад дзядулі, мая таварыскасць, адкрытасць, ён жа ўмеў ладзіць з людьмі, хто не зойдзе ў хату – госць, пачастуе, зможа – дапаможа ў любой справе. Вось і ў мяне зараз так, я не помню, каб была адна.
Я заўсёды сярод людзей, у гушчы падзей, сярод мноства сяброў, з сям’ёй, усе родныя да мяне едуць. Сябе лічу стрыжням сям’і.
Рада, што з самага маленства мае трое дзяцей вакол мяне, да мяне цягнуліся, і зараз мая 5-цігадовая ўнучка Алісія штовечар телефануе, яна – мой сябар. Блізкасць і еднасць з любімымі людзьмі – і ёсць шчасце.
Аб прызванні і традыцыях
Калі б я магла пераматаць сваё жыццё як кінастужку назад, я нічога б не змяняла. Лічу, што зрабіла правільны прафесійны выбар, культура – мой лёс і прызванне, я атрымала яго ў спадчыну ад сваіх родных. Дзядуля некалі казаў мне: «Прыгажэй чым твая матка ніхто не спявае, нават і ты! Такога голасу як у яе ні ў кога няма!» Мая мама Раіса Васільеўна МАІСЕЕВА ўсё сваё жыццё прысвяціла культуры, без песні не жыла ні дня, працавала дырэктарам Слабодскага СДК, была кіраўніком народнага ансамбля народнай песні «Прасніца». Горка, але матуля ўжо не з намі… Яна з дзяцінства бачыла мяне толькі ў сферы культуры, таму аддала ў Дзмітраўскую СШ, бо там можна было вучыцца ў музычнай школе, дзе я і займалася па класе фартэпіяна. Вось так некалькі гадоў, кожны вучэбны тыдзень я займалася ў школе і музыкай, жыла ў школьным інтэрнаце, а па выхадных ездзіла да дому. Пазней усіх дзяцей з навакольных вёсак, а не толькі з нашай Патокі, стаў вазіць у школу саўгасны аўтобус. Школьныя гады прамільгнулі незаўважна, затым была вучоба ў Магілёўскім музычным вучылішчы, пасля завочна я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Зараз за плячыма ў мяне больш за тры дзясяткі гадоў працы ў галіне культуры раёна, апошнія амаль два гады я намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава».
Я ўдзячная лёсу за сваіх траіх дзяцей. Ганаруся тым, што дачка Сюзанна працягвае нашу сямейную справу работнікаў культуры, яна – сёлетняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у жніўні пачне працу маладым спецыялістам у ДШМ г. Клічава, будзе маёй калегай. Дарэчы, вучылася яна не па мэтавым накіраванні, на бюджэце, а размеркаванне на малую радзіму выбрала сама. Дарэчы, дзяўчынка мая прызнаецца, што хвалюецца, што прыйдзецца працаваць пад маім началам. Сапраўды, я патрабавальная як да сябе, так і да іншых. Лічу, што каб мець вынік, патрэбна мець высокую самадысцыпліну, быць добрасумленым, у тым ліку і ў працы. Але ж я заўсёды стараюся з разуменнем ставіцца да людзей. Увогуле, спяшаюся рабіць дабро, здаецца, усіх бы пашкадавала. Я з тых людзей, хто не умее адмовіць, сказаць «Не!». Упэўнена, бумеранг ніхто не адмяняў, а дабра і любові шмат не бывае. Працяг сямейнай дынастыі работнікаў культуры бачу ў малодшай дачцэ Глашы, якая ледзь як толькі хадзіць пачала, у «Купалачцы». На сцэне – у сваім асяродку, любіць спяваць, як і я, маляваць, заўсёды ў цэнтры, з сябрамі, любіць прыроду і ўсялякую жывёлу. У жыцці, вядома, усяго хапае, як і ў кожнага чалавека. Але я лічу сябе шчаслівай. Мне на шляху сустракаюцца добрыя, шчырыя людзі, некалі – мае паважаныя педагогі, з якімі і сёння рада сустрэчы, мае калегі, бацькі маіх выхаванцаў, якія заўсёды ідуць насустрач, падтрымліваюць мае творчыя ідэі, укладваюць сродкі і час у творчыя паездкі сваіх дзяцей, дапамаюць з канцэртнымі касцюмамі і г.д. Усім хачу выказаць шчырае сардэчнае дзякуй!
Мой жыццёвы скарб – моцная сям’я, творчы – «Купалачка», я люблю сваю справу, працую ў з’яднаным калектыве аднадумцаў-творцаў.
Сёння ў «Купалачкі» – 30-годдзе! Я зычу свайму калектыву поспеху і творчага доўгалецця, нашым юным артыстам – моцнага здароўя, цудоўнага настрою, яркіх творчых падзей, высокіх узнагарод і гарачых апладысментаў гледачоў!
Тэкст: Ніна ІЗОХ.
По материалам klichew.by