23 мая Клічаў стаў цэнтрам міжкультурнага дыялогу. Горад сабраў мноства сяброў на юбілейны V рэгіянальны фестываль традыцыйных культур малых гарадоў "Кліч над Вольсай".
У гэтым святочным брэндзе Клічаўскага раёна прынялі ўдзел творчыя калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі: Слуцка і Любані Мінскай вобласці, Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, Гомельскай вобласці, а таксама Прыдняпроўскага краю - з Чавус, Крычава, Глуска, суседняй братняй Расіі - горада Дарагабуж Смаленскай вобласці, нашы знакамітыя землякі - народны вакальны ансамбль "Крыніца" і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні "Жытніца"!
Гледачоў і ўдзельнікаў свята шчыра вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Грашылава, якая пажадала фестывалю доўгай і плённай творчай біяграфіі і яркіх адкрыццяў!
Да лепшых пажаданняў фестывалю, гасцям і землякам далучыліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка і настаяцель Благавешчанскага храма пратаіерэй Сергій Андрэяў.
Перад гледачамі разгарнулася сапраўдная феерыя народнай музыкі і песні, ажыла сама сівая даўніна, наша спадчына! Ярка і каларытна гучалі галасы артыстаў. У гісторыю народнага касцюма запрасілі "Кросны" - маляўнічае дэфіле ў традыцыйных этнаграфічных касцюмах. У выкананні калектываў - народна-побытавыя танцы "Падыспань", "Кракавяк", "Полька", "Сербіянка", "Верабей" і "Млын" і шмат іншых, якія здавён любілі таньчыць на святах у беларускіх і рускіх паселішчах.
Яркім падарункам для ўсіх стала відовішчнае выступленне спецыяльнага госця фестывалю - рыцараў "Саюза вольных ратнікаў" з г. Мінска з паказальным выступленнем з элементамі сабельнага бою секцыі гістарычнага мадэліравання і рэканструкцыі.
Для клічаўлян і гасцей свята быў наладжаны шырокі гандаль, працавалі інтэрактыўныя і тэматычныя пляцоўкі, фотазоны, дзіцячая пляцоўка з надуўнымі атракцыёнамі, батутамі, электрамабілямі і мноствам іншых забаў!
Урачыстым момантам стала цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў фестывалю. Яна прайшла ярка, вельмі цёпла і сардэчна.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Наталля Грашылава уручыла кіраўнікам творчых дэлегацый-удзельнікам фестывалю дыпломы сектара культуры Клічаўскага райвыканкама, падарункі і сувеніры з сімволікай Клічаўскай зямлі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас спонсара сёлетняга фестывалю - Клічаўскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру".
Фестываль "Кліч над Вольсай" аб'ядноўвае, дапамагае захаваць самабытнасць народнай культуры малых гарадоў.
Источник: Кличев TODAY