Клічаўляне далучаюцца да акцыі «Кожную пятніцу роднае, сваё»
Захаванне нацыянальнай культуры – адна з галоўных мэт кожнага народа. У сучасны век тэхналогій даволі складана адчуць сваю ідэнтычнасць. Аднак у нашай краіне робяць усё дзеля таго, каб мы памяталі свае карані, з павагай ставіліся да сваёй культуры і традыцый.
Так, напрыклад, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь запусціла акцыю «Кожная пятніца – роднае, сваё». У рамках акцыі Міністэрства прапануе беларусам звярнуца да каранёў: апранацца ў вопратку беларускіх вытворцаў, гатаваць з мясцовых прадуктаў, чытаць і размаўляць па-беларуску, зрабіць зніжку на родныя тавары ці стварыць сваю беларускую пятніцу.

Да акцыі ў мінулую пятніцу далучыліся калектыў і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў Клічава, а таксама артысты раённага Дома культуры. У аграгарадку Нясята ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву «Купалачка» разам з настаўнікамі арганізавалі дакладную рэканструкцыю традыцыйнага беларускага каляднага абраду. Прывітанне гаспадыні, песні, танцы, гульні і, канешне, частаванне гасцей – тут можна было ўсё гэта пабачыць і распавесці пра іх сваім гледачам. З такой мэтай у раён прыехала здымачная группа «Сталічнага тэлебачання».
– Ва ўмовах сучаснай глабалізацыі вельмі важна зберагаць і распаўсюджваць нашу мову, культуру і традыцыі, асабліва сярод моладзі. Канешне, мы можам чытаць лекцыі, распавядаць, нават паказваць тэматычныя фільмы, але эфектыўнасць такога падыходу – вялікае патынне. Аднак калі дзеці становяца часткай традыцыі, калі самі ўдзельнічаюць у абрадах, гэта зусім іншая справа. Такім чынам яны адчуваюць сваю ўнікальнасць, самабытнасць, бачаць нацыянальныя рысы, якія характэрныя менавіта для беларусаў. Таму ў сваёй асветніцкай дзейнасці акцэнт робім на «інтэрактыўную» частку культуры, каб яе вывучэнне было цікавым для вучняў і сапраўды эфектыўным, – падкрэсліў дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Арцём ВААКС.