Кураняткi вышлi на калядкi!
13 студзеня ў Клічаўскім раёне па вуліцах вёсак і нават у раённым цэнтры, асабліва ўвечары, можна сустрэць шмат розных калядных персанажаў. Гэта сведчыць пра жывасць традыцый і святочны настрой, які напаўняе людзей у гэты асаблівы час. Але сярод мноства калядных звычаяў ёсць адзін, які мае асаблівае значэнне для нашага рэгіёну – гэта дзіцячы калядны абрад "Куры".
Гэты абрад бытаваў у некалькіх вёсках раёну, і кожная з іх мела свой варыянт песні. У Нясяце і Будневе дзіцячыя калядныя гурты спявалі песню пра свячу.
Вельмі прыемна бачыць, што гэты каштоўны элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны працягвае жыць дзякуючы нашым дзецям. Нядаўна вучні Нясяцкай сярэдняй школы з энтузіязмам узяліся за падрыхтоўку да калядавання абраду "Куры" з варыянтам песні вёсак Нясета і Буднеў, дзе ён гістарычна бытаваў.
Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Нясяцкай сярэдняй школы Карпавай Антаніны Пятроўны дзеці старанна развучылі традыцыйную песню і падрыхтаваліся да калядавання. Ужо 13 студзеня яны выйшлі на вуліцы, каб працягнуць старажытны звычай. Як і стагоддзі таму, дзеці хадзілі да заходу сонца, не заходзячы ў хаты, стукаліся ў акно, пытаючы дазволу ў гаспадароў паспяваць сваю песню. Пасля яе выканання дзеці прымалі падарункі, шчыра дзякавалі гаспадарам і адпраўляліся да наступных двароў.
Гэтыя юныя калядоўшчыкі з Нясятскай школы змаглі адчуць сапраўдную радасць ад удзелу ў абрадзе. Ім вельмі спадабалася хадзіць гуртом, спяваць, дзяліцца святочным настроем і атрымліваць прыемныя падарункі. Гэта не проста гульня, а магчымасць дакрануцца да жывой традыцыі.
Творчыя работнікі філіяла раённага Дома культуры з задавальненнем выступілі ў ролі назіральнікаў. Яны з цікавасцю сачылі за тым, як належным чынам праходзіць абрад, падтрымлівалі дзяўчатак, дапамагалі ім прыбірацца і стваралі спрыяльную атмасферу для іх выступленняў. Гэта супрацоўніцтва паміж школай і філіялам раённы Дом культуры з'яўляецца ключавым для паспяховага захавання і перадачы такіх каштоўных элементаў, як дзіцячы калядны абрад "Куры". Той факт, што дзецям так спадабалася ўдзельнічаць у абрадзе, дае упэўненасць, што традыцыя "Куры" будзе жыць і развівацца далей.
Гэта не толькі захаванне гістарычнай спадчыны, але і выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця прыналежнасці да сваёй культуры, любові да роднага краю і разумення важнасці захавання каштоўнасцей, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дзякуючы такім ініцыятывам, нематэрыяльная культурная спадчына становіцца не проста гістарычным фактам, а жывым, пульсуючым элементам сучаснага жыцця.
Загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання Ж.Я.Ачыновіч