Бязмежнае неба адно на дваіх…
Голас труб ваеннага аркестра абудзіў наваколле. У скверы побач з храмам шматлюдна. Тут адбыўся мітынг – рэквіем і ўрачыстае пахаванне астанкаў лётчыкаў савецкага бамбардзіроўшчыка ІЛ-4, паднятых з нетраў балоцістай зямлі каля вёскі Мяжное. 72 гады члены экіпажа бамбардзіроўшчыка ІЛ-4 25- гадовы масквіч Вячаслаў Хайлаў і жыхар сонечнага ташкента 20 - гадовы Хакім Музаффараў лічыліся прапаўшымі без звестак. Памяць пра іх жыла ў сэрцах родных. Іх імёны вернуты з небыцця дзякуючы карпатлівай і вельмі цяжкай рабоце, якую правялі пашукавікі Клічаўскай пошукавай групы “Ольса” Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба “ВІККРУ”. Аб гэтым наша газета падрабязна пісала ў № 10 ад 6 лютага і №15 ад 24 лютага.
На мітынгу прысутнічалі кіраўнікі раённай і абласной вертыкалі ўлады: Ф. В. Вашчыла, старшыня райвыканкама, А. А. Пішчанка, начальнік аддзела і В. В. Бубянцоў, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, родзічы герояў з Масквы Святлана і Алег Фурсавы, Аксана і Вячаслаў Хайлавы, з Ташкента – Ізаціла і Мурад Кудратавы, старшы памочнік і памочнік ваеннага аташэ пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі С. А. Афанасьеў і А.П. Алюкоў, старшыня Славянскага камітэта С. І. Касцян, старшыня Магілёўскага грамадскага аб’яднання ветэранаў А. Ц. Любчанка, Старшыня Магілёўскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” В. А. Мельнікава, М. С. Барысенка, кіраўнік гісторыка-патрыятычнага клуба “ВІККРУ”, С. І. Беспанскій, член Прэзідыўма Беларускага дабрачыннага таварыства аховы помнікаў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганзацый ў тым ліку БРСМ і піянерыя.
Шмат часу прайшло з моманту завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, зыходзіць пакаленне, якое памятае жахі гэтай страшэннай трагедыі нашага народу. Не можа згінуць так проста памяць пра тое гора, якое прыйшло да нас 70 гадоў таму назад.Час ад часу рэха вайны стукаецца ў нашыя сэрцы, шалёнай пульсацыяй крыві грукоча ў скроні і абуджае нашу памяць, застаўляе думаць, аналізаваць, ведаць і помніць. Сімвалічна і значыма, што напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы сталі сведкамі таго, як яшчэ два слаўныя сыны Айчыны з вайсковымі ўшанаваннямі, пад гукі дзяржаўных гімнаў Расіі, Ўзбекістана і Беларусі знайшлі вечны спачын у нашай шматкпакутнай, шчодра палітай крывёю абаронцаў, зямлі.У раёне яшчэ на адзін помнік воінскай славы стала больш. Помнік размешчаны у скверы, дзе знайшлі вечны спачын байцы чырвонай арміі і партызаны, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і сям’я П. М. Вікторчыка. Злева ад уваходу ў сквер на чорнай мармуровай пліце два медальёны з фотаздымкамі лётчыкаў, крыху ніжэй выбіты малюнак пілаціруемага палёта бамбардзіроўшчыка пад ім высечаныя на камені словы: членам экипажа советского бомбордировщика ІЛ-4 17 гвардейского бомбордировочного авиаполка, авиации дальнего действия погибшим при выполнении боевого задания 27 октября 1943 года у деревни Межное Кличевского района, а яшчэ нижэй залатымі літарамі прозвішчы героеў мінулай вайны: бортрадист гвардии старшина Хайлов Вячаслав Иванаваич 1918 год рожденія, воздушный стрелок гвардии младший сержант Музаффаров Хаким Хамдамович 1923 год рожденія
На надгробнай пліце словы з песні
“Погибшие в небе за Родину
Становятся небом над ней”
І крыху ніжэй:
Вечная слава героям!
Ад першай асобы
Мурад Кудратаў:
“Я не ведаю свайго прадзеда, але калі яго любіць і шануе мой дзед, то і я яго вельмі люблю. Мы прыемна ўраджаны прыгажосцю і гасціннасцю Беларусі. Уся наша радня вельмі ўдзячная ўсім, хто прыклаў рукі і сэрца для таго, каб вярнуць з небыцця імя нашага родзіча. Нізкі паклон усім і словы падзякі ад нас за памяць і павагу да герояў мінулай вайны ў тым ліку і нашага роднага чалавека, які загінуў на вашай зямлі. Цяпер мы ведаем дзе яго магіла і ўсе нашы родныя спадзяюцца і абавязкова наведаць гэта святое месца”.
Святлана Фурсава
“У нашай сям’і на сцяне заўсёды вісеў партрэт лётчыка, напісаны маім бацькам, Калі падрасла то мне расказалі, што ў гады вайны дзядзя загінуў дзесьці ў небе над Беларуссю і лічыцца прапаўшым без звестак. Прста дзіўна і вельмі прыемна, што наканец, праз 72 гады мы не толькі ведаем як загінуў і дзе упакоіцца прах нашага героя, а і прысутнічаем пры гэтым. Браты дзядзі далі клятву назваць першынца ў гонар загінуўшага на вайне брата. Вось чаму ў нашай сям’і тры Вячаславы і адзін з іх прысутнічае тут. Не хапае слоў, каб выказаць і перадаць усе нашы пачуцці. Вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна, пашукавікам, усім, хто дапамог нам праз столькі гадоў атрымаць магчымасць пакланіцца магіле нашага родзіча, нізкі паклон ад усіх нас”.
Адгрымелі залпы вайсковага салюта. Да помніка лётчыкам ускладзены кветкі і вянкі. Людзі застываюць у хвіліне маўчання, і пакуль яны думаюць кожны пра сваё, шматгалосы птушыны хор спявае жыццёсцвярджальны гімн міру і сонцу.
Аліна Суднік