Дзякуй вам, родныя, за Перамогу...

На долю яго пакалення выпаў увесь цяжар самай кровапралітнай, жорст-кай вайны ў гісторыі нашай краіны — Вялікай Айчыннай. Ім давялося перажыць боль незлічоных страт, голад і холад, змагацца з ненавісным ворагам і перамагчы!
Наша сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Пятровічам Толсцікам з аграгарадка Коўбча адбылася незадоўга да свята Перамогі.
— Не рабіце толькі з мяне героя, — папрасіў ён з першых жа слоў. — Фашыста перамог савецкі народ, я ж быў як многія, проста люблю Радзіму, хацеў бачыць яе вольнай, шчаслівай.
Па першай мабілізацыі на фронт яго не забралі, бо быў карміцелем вялікай сям’і. Яго бацька вярнуўся з Першай су-светнай вайны 1914 года інвалідам, без нагі. З чарады яго дзяцей Уладзімір быў старэйшым. Ужо ў 13 гадоў ён хадзіў за плугам. З цягам часу асвоіў навуку быць сапраўдным гаспадаром. Стаў па жыцці на ўсе рукі майстрам: дом для сваёй сям’і сам зрубіў, быў пчаляром, мог абутак здатна адрамантаваць, бочку, як яечачка, зрабіць, а яшчэ ложкі, куфры, шафы, сплесці ладны кошык, валёнкі зваліць, на швейнай машынцы шыць, электра-праводку замяніць і г.д.
95-ты год нядаўна размяняў Уладзімір Пятровіч, а яшчэ не так даўно плот рамантаваў сам, шулкі мяняў. Цяпер, на жаль, сілы ўжо няма. Але ляжаць не ў яго звычцы, усё б па двары тупаў...
... Немцы ў Коўбчы з’явіліся ўжо на сёмы дзень вайны. Моладзь тады цішком бегала гля-дзець, як іх рэгулярныя войскі ішлі на Маскву праз мост на Ольсе каля Сушы.
У іх вёсцы фашысты адчувалі сябе гаспадарамі, бралі з двароў вяскоўцаў усё, што жадалі, пасля арганізавалі тут нямецка-паліцэйскі гарнізон. У 1942 годзе партызаны яго разграмілі. Пасля гэтага тут аднавіў сваю дзейнасць сельсавет, была арганізавана група самаабароны. Але ў час карных аперацый 1942-1943 гадоў акупанты разбурылі і разрабавалі паселішча. Увесь гэты час сям’я Толсцікаў жыла ў Коўбчы і, як усе аднавяскоўцы, цярпела нягоды. Знешне іх жыццё было такое ж, як і многіх. Ніхто нават і не здагадваўся, што старэйшы іх сын Уладзімір трымае цесную сувязь з партызанамі з церабольскага лесу. Быў у іх за цырульніка, брыў і стрыг, падпольна збіраў для іх у лесе зброю. Разам з аднавяскоўцам Васілём Каралёвым майстравалі для народных мсціўцаў лыжы, а яшчэ выраблялі самаробныя ўзрыўныя ўстройствы, з якімі партызаны не раз хадзілі на чыгунку. Для таго каб вырабляць такія міны, патрэбны быў тол. А яго не хапала. Вось і прыхо-дзілася гэта выбуховае рэчыва выплаўляць з неразарваўшыхся фашысцкіх бомбаў. Складаная тая справа была і небяспечная.
Ужо ў сямідзясятыя гады Уладзімір Пятровіч зрабіў па памяці муляжы тых узрыўных устройстваў і падарыў іх у экспазіцыю раённага музея. Міны, якія ніколі ўжо не разарвуцца...
Па мабілізацыі Уладзімір Пятровіч быў прызваны на пачатку ліпеня 1944 года, пасля вызвалення раёна Чырвонай Арміяй. У складзе артылерыйскага, стралковага палкоў прайшоў франтавымі дарогамі, са зброяй у рукаў гнаў фашыста ў яго логава. У адным з баёў атрымаў навылётнае раненне левай нагі. Пасля шпіталя — зноў у строй.
Ёсць ва ўспамінах ветэрана і яшчэ адна старонка. Пад Варшавай узвод салдат, у якім служыў і наш герой, павінен быў тэрмінова зрабіць і разгарнуць шпіталь ГЛР 2727 на 800! чалавек. Працавалі дзень і ноч, але загад камандавання выканалі: ва ўстаноўлены тэрмін шпіталь прыняў першых параненых, а яшчэ вызваленых вязняў канцлагераў, якіх было безліч і ў Польшчы. Давялося Уладзіміру Пятровічу быць у польскім горадзе Тарунь. Сумны факт: у ім таксама быў буйны канцлагер з аднайменнай назвай. Там на могілках ваеннапалонных ляжаць 2 тысячы рускіх салдат. Цяпер яго архівы адкрыты, дзякуючы чаму людзі знахо-дзяць імёны сваіх родных, якіх увесь час лічылі без вестак прапаўшымі...
Дадому Уладзімір Пятровіч вярнуўся толькі ў чэрвені 1946 года. І пачалося мірнае жыццё. Цяпер многае, чаму навучыўся на вайне, спатрэбілася. У бабруй-скім леспрамгасе быў слесарам-пілаточам, ды такім, што тачыў пілы і для Бярэзінскага раёна. Працаваў і слесарам-аўтарамонт-нікам, бо даводзілася яму пад час службы займацца гэтай справай у аўтарамонтных майстэрнях. Амаль 30 гадоў адпрацаваў Уладзімір Пятровіч у лясной гаспадарцы, у Церабольскім майстарскім участку.
... Вось і зноў у квецені садоў бушуе май. На мірнай зямлі Беларусі ў шэсцьдзясят дзявяты раз мы адзначаем самую светлую дату для кожнага беларуса — День Перамогі. За святочным сталом збярэцца і сям’я Уладзіміра Пятровіча і Вольгі Андрэеўны Толсцік, з якой яны ў згодзе і каханні разам крочаць па жыцці 60 гадоў. Рады дзеці і ўнукі, што на парозе бацькоўскага дома іх сустракаюць бацька і маці. Значыць, ёсць надзейны прычал і любыя жыццёвыя буры хоць бы што. Толькі ў гэта вялікае свята і накіне Уладзімір Пятровіч на плечы свой святочны пінжак з узнагародамі Радзімы, сярод якіх медалі «За баявыя заслугі», " За перамогу над Германіяй«. Яны — знак доблесці і мужнасці простага ратая вайны.
Пажадаем жа здароўя, моцы, бадзёрасці ўсім нашым дарагім ветэранам, якія жывуць побач з намі на роднай клічаўскай зямлі. Нізкі паклон вам, салдаты Перамогі, за подзвіг ратны і працоўны!
Ніна ІЗОХ. Фота аўтара.