З кожным годам усё далей у мінулае адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, самай цяжкай, крывавай і драматычнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Амаль сем дзясяткаў гадоў мінула з таго часу, як у Еўропе змоўкла кананада, перасталі рвацца бомбы і снарады. Перастала ліцца кроў, а ў неба над Берлінам узняўся пунсовы сцяг нашай перамогі, пранесены праз тысячы кіламетраў вогненнага ліхалецця і ўзняты савецкімі воінамі.
Наша армія-вызваліцельніца прайшла з баямі праз крывавае пекла самай страшнай вайны, прыйшла ў фашысцкае логава, штыком і пяром распісалася ў фінальным акце самай вялікай трагедыі чалавецтва, паставіўшы ў ёй кропку.
Гэта віхура жудасных падзей, націск брані і сталі, які нёс смерць і разбурэнне, была выпрабаваннем на мужнасць не толькі для савецкага грамадскага і палітычнага строю, майстэрства і гонару савецкай арміі, але і для духоўнай сілы народа, выпрабаваннем яго патрыятычнасці і вернасці Радзіме, волі і жыццястойкасці, мужнасці і сілы чалавечых сэрцаў.
Мільёны людзей, узяўшы ў рукі вінтоўкі і аўтаматы, сеўшы за рычагі танкаў і штурвалы самалётаў, сталі ратнікамі вайны, каб даказаць сваё права на свабоду і існаванне на зямлі. На горкую і крывавую дарогу вайны ўступілі таксама і пісьменнікі, паэты, публіцысты і журналісты, зброяй якіх стала не толькі пяро, якое граміла ворага не менш эфектыўна, чым свінцовы град, але і штык.
Раніца першага дня Вялікай Айчыннай вайны савецкімі журналістамі была сустрэта па-рознаму. Першымі прынялі баявое хрышчэнне работнікі газет прыгранічных злучэнняў. Перадавіцы савецкіх газет мяняліся, замест мірных загалоўкаў на газетных палосах застракацелі “шапкі”, якія заклікалі савецкіх людзей на свяшчэнную вайну: “Фашысцкая Германія будзе разгромлена!”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне базіраваліся падпольны абкам партыі, абкам камсамола, камандаванне партызанскіх злучэнняў вобласці. Друкаваная прапаганда і агітацыя займалі значнае месца ў рабоце падпольных партыйных органаў.
З 1942 года практычна штодня ў партызанскіх атрадах выпускаюцца лістоўкі, звароты да насельніцтва. На першым часе яны множыліся на партатыўных друкаваных станках, на пішучых машынках, ад рукі. У іх змяшчалася інфармацыя аб становішчы на франтах, выкрывалася правакацыйная прапаганда фашыстаў. Арганізаваць дастаўку друкаванай прадукцыі да чытача было даволі праблематычна. Першымі памочнікамі ў гэтай справе былі разведчыкі і падрыўнікі. Многія з іх сумяшчалі баявую службу і журналісцкую дзейнасць.
У верасні 1942 года ў падполлі пачала выходзіць Клічаўская раённая газета “Голас партызана”. Рэдагаваў яе ў той час Іван Паўлавіч Крыскавец. Памочнікам Івана Паўлавіча ў выпуску газеты стаў і 27-гадовы кандыдат навук Дзмітрый Уладзіміравіч Юфераў. Ён прыбыў з Масквы з дэсантнай разведвальнай групай, працаваў шмат, з цікавымі лекцыямі выступаў перад партызанамі, рыхтаваў тэзісы для прапагандыстаў і агітатараў усёй вобласці. Валодаў нямецкай мовай і пісаў лістоўкі для немцаў. Матэрыял для такіх лістовак ён браў са сваіх гутарак з пленнымі немцамі. Глыбока і ўсебакова адукаваны, Дз. У. Юфераў валодаў дарам слова і тонкім разуменнем чалавечай душы, быў сапраўднай каштоўнасцю для прапаганды.
На пачатку 1943 года падпольныя газеты выходзілі амаль ва ўсіх раёнах. На гэты час працавала ўжо восем партатыўных тыпаграфій, якія абслугоўвалі чатырнаццаць раёнаў вобласці.
24 сакавіка 1943 года выйшаў першы нумар абласной падпольнай газеты “За Радзіму”. Друкавалася яна ў глухім урочышчы Цераболь ва ўсакінскіх лясах на партатыўным тыпаграфскім станку, які з-за лініі фронту прывёз Аляксандр Антонавіч Юшкевіч, першы рэдактар. Аляксандр Антонавіч у 1937 годзе скончыў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. У канцы 1939-га быў накіраваны ў вызваленыя раёны Беларусі і  працаваў рэдактарам газеты ў Косаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Там, недалёка ад мяжы, і застала яго вайна.
У газеце “За Радзіму” сістэматычна публікаваліся карэспандэнцыі аб падрыве варожых эшалонаў, разгроме гарнізонаў. Разлічаная не толькі на партызан, але і на мірнае насельніцтва, газета выкрывала зверствы фашыстаў, заклікала грамадзян не паддавацца нямецкай дэмагогіі, расказвала аб гераізме партызан, мірнага насельніцтва. Прыкладаў мужнасці і самаахвярнасці было дастаткова. Напрыклад, у першым нумары газеты расказвалася аб подзвігу 13 клічаўскіх партызан з атрада Рыгора Паўлава. Завязаўшы бой з батальёнам эсэсаўцаў, адцягваючы іх увагу ад атрада, камсамольца самі патрапілі практычна ў бязвыхаднае становішча. Змагаліся амаль суткі, знішчылі 85 гітлераўцаў. І самі загінулі. Вось прозвішчы тых, хто цаной уласнага жыцця выратаваў атрад у дні блакады 1942 года: Якаў Фёдаравіч Каўшырка, Васіль Пятровіч Крайко, Уладзімір Іванавіч Валенда, Васіль Іванавіч Усаў, Васіль Цімафеевіч Кандрацьеў, Уладзімір Андрэевіч Заяц, Мікалай Сямёнавіч Вяхрыцкі, Міхаіл Оскаравіч Лейбовіч, Рыгор Андрэевіч Зайцаў, Міхаіл Васільевіч Палікарпаў, Іван Васільевіч Карнацкі, Васіль Пятровіч Краўцоў, Васіль Іванавіч Зуеў.
Пра размах друкаванай прапаганды на Магілёўшчыне сведчаць наступныя лічбы: 6 чэрвеня 1944 года падпольны абкам паслаў у ЦК КПБ кароткую справаздачу аб партыйна-палітычнай рабоце ў тыле ворага. У ёй паведамлялася, што падпольным абкамам і 10-ю падпольнымі райкамамі партыі (раёны Заходняга берага Дняпра) у варожым тыле выдадзена 367 нумароў газет агульным тыражом 152 280 экзэмпляраў, 626 лістовак агульным тыражом 180 630 экзэмпляраў. Па няпоўных дадзеных, у партызанскіх атрадах выдадзена 528 рукапісных журналаў і 3 725 насценных газет, тысячы баявых лісткоў, рукапісных лістовак, “маланак”.

Вікторыя АЗАРОНАК,
архівіст установы
“Дзяржаўны архіў
Магілёўскай вобласці”.