ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ
На мінулым тыдні ў Максімавічах адбылася ўрачыстасць, а прасторнае фае сельскага Дома культуры напярэдадні свята Перамогі ўпрыгожыла выстава карцін ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, капітана запасу Фёдара Іванавіча Бакомчава. Мастацкія палотны на выставу прадставілі дачка ветэрана Наталля і тыя людзі, каму ў свой час Фёдар Іванавіч дарыў свае работы.
Адкрываючы выставу, дырэктар Дома культуры Сяргей Пятровіч Шчэпка заўважыў, што кожны чалавек на зямлі пакідае след. Найбольш у гэтым плане шанцуе людзям творчым, бо пасля іх застаюцца творы ў выглядзе кніг, вершаваных радкоў, мастацкіх палотнаў, скульптур.
Дзякуючы таленту Фёдара Іванавіча, у нас ёсць унікальная магчымасць палюбавацца яго шыкоўным аўтапартрэтам у ваеннай форме, перанесціся разам з ім і яго жонкай на ўсеяны пунсовымі макамі схіл гары; з жанчынай, якая светлым летнім ранкам гоніць кароў на пашу, прайсці па лясной сцежцы, адчуць подых ветрыку і атрымаць асалоду ад водару залатых ніў і жытнёвых палеткаў, букеціка бэзу, спелых фруктаў і кветак.
Валянціна Яўгенаўна Валжанкова, намеснік старшыні праўлення КСВК «Калгас «Радзіма», заўважыла, што мастацкая выстава ў аграгарадку — важная культурная падзея і, безумоўна ж, у вяскоўцаў ёсць нагода лішні раз зазірнуць ва ўстанову культуры, каб палюбавацца нацюрмортамі і пейзажамі мастака.
Уважліва слухалі прысутныя вершы ў выкананні Вольгі Пінчук і Насці Карнач, музычныя творы, якія натхнёна выканалі Наталля і Сяргей Рыбікавы. Разам з самадзейнымі артыстамі праспявалі песні ваеннай пары.
Дачка ветэрана Наталля адзначыла, што тата не любіў расказваць пра вайну, быў чалавекам сціплым і добрым. Яна шчыра падзякавала арганізатарам выставы і самадзейным артыстам, усім прысутным за праяўленую цікавасць да творчасці яе бацькі, мастака-самавучкі, і выканала рэквіем, які прысвяціла памяці роднага чалавека і ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Жывыя кветкі ў стылізаванай вазе ад гільзы, каска чырвонаармейца на стале, накрытым чырвоным абрусам, дакументы ваеннай пары прыцягвалі ўвагу малечы і дарослых. Дзецям цікава дакрануцца да гісторыі і зазірнуць у альбомы, у якіх бібліятэкар Кацярына Віктараўна Сакава збірае гісторыю вёскі, а потым цікава аб гэтым расказвае.
* * *
Фёдар Іванаваіч Бакомчаў у армію быў прызваны ў лістападзе 1943 года і накіраваны на вучобу ў другую акруговую школу стралкова-снайперскай падрыхтоўкі Маскоўскай ваеннай акругі. З 15 жніўня 1944 — камандзір стралковага аддзялення 882-га стралковага палка 290-й стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронта быў на перадавой. Медаль «За баявыя заслугі» яскрава сведчыць аб тым, што быў ён байцом смелым і адважным.
З чэрвеня 1946 года і да жніўня 1954 ён кадравы ваенны.
Пасля звальнення з арміі па скарачэнні штату разам з жонкай Ганнай Гаўрылаўнай жыў у Клічаве. Нейкі час працаваў дырэктарам раённага Дома культуры, потым мастаком-афарміцелем у розных арганізацыях. Тут нарадзіліся і выраслі іх дзеці — Аляксандр, Юрый і Наталля, а потым і чацвёра ўнукаў. Мастацкі талент ад дзядулі перадаўся ўнучцы Ганне, якая выдатна малюе і з’яўляецца студэнткай архітэктурнага факультэта БНТУ.
Важна заўважыць, што служыць ураджэнцу Татарскай АССР давялося ў слаўнай 290-й стралковай дывізіі, якая фарміравалася ў чэрвені 1941 года ў горадзе Калязіне. У жніўні 1941-га ўвайшла ў склад 50-й арміі Бранскага фронту, Заходняга фронту. З красавіка 1942 года — у складзе 10-й арміі. Дывізія прымала ўдзел у баях пад Бранскам, Тулай, вызваляла Калугу, Юхнаў, Леніно, Магілёў, Гродна. Байцы дывізіі праявілі мужнасць і гераізм у Берлінскай аперацыі.
290-я стралковая дывізія 23 чэрвеня 1944 года першай фарсіравала раку Проня каля вёскі Будзіна Чавускага раёна, дала пачатак адной з буйнейшых стратэгічных наступальных аперацый «Баграціён» летне-восеньскай кампаніі 1944 года.
У час Вялікай Айчыннай вайны баявыя за-слугі войскаў пры вызваленні буйных гарадоў, акружэнні і знішчэнні варожых групіровак, а таксама фарсіраванні рэк адзначаліся загадамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. У загадзе ад 25 чэрвеня 1944 года адзначана фарсіраванне ракі Проня, у выніку чаго была прарвана надзвычай умацаваная абарона немцаў. З 33-х рэк, якія ўпаміналіся ў загадах Сталіна, беларуская рачулка Проня, напэўна, самая малавядомая і нязначная. Аднак за яе фарсіраванне ў Маскве прагрымела 20 залпаў салюту з двухсот дваццаці чатырох гармат. У 1944 годзе дывізія вызваліла Магілёў, за што і стала называцца «Магілёўская» і была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
У наш неспакойны час, калі ў суседняй краіне льецца кроў і зажыва гараць людзі, палыхаюць вогнішчы, па вуліцах гарадоў імчаць танкі і бронемашыны, а ў небе равуць баявыя верталёты, мы з асаблівым пачуццём ставімся да памяці аб той страшнай вайне і ўсіх тых, хто, не шкадуючы жыцця, вызваляў ад фашызму нашу Радзіму.