ПАМЯЦЬ СЭРЦА
А сколько мы не помним погибших и живых!
Земля моя родная, ты не забудешь их...
И. Иванов.
Да сённяшняга дня памяць і сэрцы лю-дзей не адпускае мінулая вайна. Аб той вайне, ужо такой далёкай, шмат напісана кніг, знята фільмаў. Але любы скажа, што да гэтага часу пра вайну сказана яшчэ не ўсё. Якія б ні адбываліся падзеі ў жыцці краіны і кожнага з нас, былая вайна раз-пораз пякучым агнём-напамінам палыхне з мінулага і зноў прынясе з сабой адчуванне віны за тое, што мы за столькі дзесяцігоддзяў не зрабілі ўсё магчымае для ўшанавання памяці кожнай ахвяры.
Большасць помнікаў, узведзеных на Клічаўшчыне, звязана з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Кожны з іх — ад самага буйнога — мемарыяла «Усакіна» — да самага сціплага на безыменным пахаванні — гэта даніна нашай павагі загінуўшым у віхуры вайны. Але памяць людская захоўвае яшчэ столькі патаемнага, нявыказанага, балючага, што яго хапіла б на шматтомную гісторыю людскога гора і пакут.
Адна з такіх балючых старонак мясцовай гісторыі — трагедыя 1 мая 1944 года. Гэту падзею ніяк па іншаму не назавеш, бо тое, што адбылося напярэдадні вызвалення ад фашысцкага рабства, не дае спакою шмат дзесяцігоддзяў тым, хто стаў сведкай тых трагічных падзей.
Да краязнаўцаў пошукавай групы «Ольса» ад імя старажылаў Клічава звярнулася Валянціна Якаўлеўна Галомзік. Калі пачалася вайна, ёй было ўсяго пяць год. Учэпістая дзіцячая памяць захавала шмат успамінаў, якія ўсё астатняе жыццё не даюць спакою. 1 мая 1944 года немцы знішчылі каля 50 жыхароў Клічава і спалілі райцэнтр амаль да-тла.
Па законах краязнаўчага даследавання, мы запрасілі на пасяджэнне групы «Ольса» жанчын-старажылаў, якім у той ліхі час было па 7-10 год. Нас зацікавіла і тое, як выжывалі людзі ў такіх нечалавечых умовах. Тым больш, што пра баі і ваенныя аперацыі напісана шмат, а простае паўсядзённае жыццё, якое таксама было часткай подзвігу, даследавана недастаткова. Дадаткова разам з су-працоўнікамі раённага музея мы азнаёміліся з некаторымі гістарычнымі дакументамі, якія адкрылі нечаканыя старонкі той трагедыі.
* * *
1944 год. Вайна імкліва кацілася на захад. Вясна была напоўнена трывогай і надзеяй: «Хутка перамога!». Гэта думка давала сілы, падтрымлівала жыццё ў знясіленых сэрцах, але прыносіла і новыя трывогі. Немцы, прадчуваючы хуткі канец, асабліва лютавалі. Больш жорсткімі сталі нямецкія абстрэлы, у небе ўсё часцей з’яўляліся варожыя самалёты.
... За чатыры ваенныя гады клічаўляне добра авалодалі цяжкай навукай выжывання. Выжываў той, хто навучыўся галоўнаму: захаваць ад голаду і хвароб свае сем’і, хаваць жывёлу ад марадзёрства немцаў, збіраць і захоўваць свой невялікі ўраджай. Апора сямей — мужчыны — на фронце, лёс іх невядомы. Усе неймаверна цяжкія клопаты аб сям’і, дзецях — на плячах жанчын. Па бытавых умовах жыцця беларусы былі адкінуты на дарэвалюцыйны перыяд.
У верасні 1941 года не прыняла вучняў Клічаўская школа. Усе спадзяваліся, што гэты навучальны год будзе вельмі ўдалым, бо заняткі павінны былі пачацца ў новым цагляным двухпавярховым будынку. Ды гэтаму не суджана было збыцца. Праўда, немцы спрабавалі адкрыць сваю «новую нямецкую школу» для клічаўскіх дзяцей, але гэты план праваліўся.
Не аказвалася медыцынская дапамога, таму высокай была дзіцячая смяротнасць. Дзеці ж разам з дарослымі цярпелі голад і холад, пастаянныя страхі, абстрэлы і карныя аперацыі захопнікаў. Даваенны запас газы хутка скончыўся. У хатах перайшлі на асвятленне лучынамі, як у даўніну. Пры лучынах вечарамі займаліся спрадвечнымі сялянскімі справамі: пралі, ткалі, шылі і рамантавалі адзенне і абутак.
Вайна «падкінула» яшчэ адну праблему: не было чым мыць бялізну. Мыла хоць і прадавалася на базары ў Бабруйску, але купіць яго было цяжка: горад далёка, ды і грошай не было. Таму перайшлі на стары «дзедаўскі» спосаб мыцця — попелам. Ставілі дзяжу з адтулінамі ў дне — «жлукту», клалі туды бялізну, перасыпалі яе попелам і залівалі кіпнем. Шчолак выводзіў бруд, нават дэзынфікаваў тканіну, што было важна ў тых нечалавечых умовах.
Каб сям’ ю не выкасіў голад, прыходзілася ўсім працаваць ад цямна да цямна. Некаторы запас прадуктаў давалі прысядзібныя надзелы. З ранняй вясны і да позняй восені людзей карміў лес. Першая зеляніна, ягады, грыбы — усё гэта хоць неяк выратоўвала ад галоднай смерці.
Адзін з партызан успамінаў, як вясной 1944 года, вяртаючыся з баявога задання, партызаны завіталі ў адну з вёсак Клічаў-шчыны, дзе сяляне адзначалі Вялікдзень і запрасілі іх паснедаць разам. Па мерках ваеннага часу, стол быў нядрэнны: частавалі гасцей «чубрыкамі» (аладкамі з перамёрзлай пасля зімы бульбы), аўсяным кісялём і студзенем з кавалкаў скуры каровы. Кароў парэзалі ўжо даўно, а палоскі скуры сушылі і бераглі для асаблівых момантаў.
Вельмі жаданым прадуктам ваеннай пары была рачная рыба. Старажылы ўзгадвалі, што рака Ольса тады была даволі глыбокай, вада чыстай. Дзеці збіраліся кампа-ніяй і ішлі лавіць рыбу. Плеценымі кошыкамі лавілі ўюноў. Калі не было кашоў, выкарыстоўвалі палатняныя посцілкі.
За чатыры гады вайны немцы зруйнавалі Клічаў да непазнавальнасці. Уцалелі толькі часткі асобных вуліц, нядрэнна захаваліся некаторыя дамы на Пралетарскай, Берагавой. Людзі вымушаны былі будаваць зямлянкі. Капалі вялікую яму глыбінёй 1-1,2 м, па вуглах ставілі драўляныя стойкі, умацоў-валі сцены бярвеннямі. 2-3 вянцы сцяны выходзілі над зямлёй. Затым ладзілі дах з танейшых бярвенняў, засцілалі лапнікам, каб не сыпаўся зверху пясок, і засыпалі зямлёй. Стараліся зрабіць зверху хоць невялікае аконца памерам з тое шкло, якое ўдавалася знайсці. У зямлянку вяла лесвіца, падлога была земляной, іншай звычайна не рабілі. У цэнтры жытла ладзілі невялікую печачку, яна давала цяпло, святло, на ёй гатавалі няхітрую ежу.
Дзеці ў такіх умовах станавіліся дарослымі вельмі рана. Жыццё ў атмасферы пастаяннага страху вымушала быць гатовымі да ўсяго. Звесткі аб калонах немцаў, якія перамяшчаліся ў напрамку Клічава, перадаваліся ад хаты да хаты імгненна. Адразу ўключалася адпрацаваная схема — кожны з членаў сям’і ведаў, што трэба рабіць. Без лішніх слоў усе, у тым ліку і маленькія дзеці, бралі зараней падрыхтаваныя клуначкі з самымі неабходнымі рэчамі і беглі ў лес ці іншыя месцы, каб засцерагчыся ад магчымай бяды. Чаму ж у дзень 1 мая 1944 года не спрацаваў гэты механізм? Чаму менш чым за два месяцы да поўнага вызвалення раёна ад акупантаў загінула столькі жыхароў райцэнтра? Пэўна, аб’ектыўнага адказу на гэтыя пытанні ўжо не атрымаць. Вось як апісваюць тую падзею розныя гістарычныя крыніцы.
... Раніца 1 мая выдалася трывожнай. Жорсткія баі з кожным днём набліжаліся. Ноччу па вуліцах Клічава рухаліся ў лес партызанскія абозы з параненымі..
Чуткі аб тым, што адступаючыя нямецкія часці перамяшчаюцца ад Магілёва ў напрамку Бабруйска, вымусілі некаторых жыхароў Клічава пакінуць райцэнтр і хавацца ў лесе ці ў родзічаў у вёсках. Астатнія заста-ліся ў надзеі на лепшае...
З успамінаў партызана 277-га партызанскага атрада Пятра Яўціхавіча Букініча:
«... К этому времени уже многие районы нашей Белоруссии были освобождены от ненавистного врага. Очередь подходила и к нашим местам. Мы чувствовали это и старались как можно больше нанести врагу потерь, да и мысли о том, что война катится к концу, придавали огромную силу. И хотя фашистские самолёты всё чаще бомбили мирные населённые пункты, леса, дороги, всё чаще появлялись немецкие танки, бронемашины, в апреле 1944 г. наши партизаны провели ряд удачных боевых операций. А вот в мае нам пришлось поплатиться за беспечность. В городском посёлке Кличев в честь 1 Мая мы решили провести демонстрацию. Рано утром собрались все боевые батальоны в посёлке, охрану выставили с лёгким оружием. Не рассчитали, что вооружённые „до зубов“ отступающие немецкие части завернут в посёлок. Бой был неравный. Фашистские танки смяли наши позиции, прорвались на улицы Кличева и начали свою кровавую расправу.
Всю оставшуюся жизнь нас мучили воспоминания о наших ошибках. Но неудач у нас было, к счастью, в сотни раз меньше, чем удач. И именно поэтому мы победили...»
Из политдонесения секретаря Кличевского подпольного райкома Могилёвской области о внутрипартийной и политической работе парторганизаций партизанских отрядов боевой деятельности партизан в мае 1944 г.:
8 июня 1944 г.
...1 мая во всех партизанских отрядах и полках проведены беседы о текущем моменте... митинги.
...Проведены совещания командно- политического состава по вопросам: разбор боевых операций, поражение 1-го батальона 277-го партизанского полка в городском посёлке Кличев и борьба с беспечностью. По этому же вопросу проведены партийные и комсомольские собрания.
(Из книги «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны», т. 3).
З успамінаў Валянціны Якаўлеўны Галомзік:
«Дзень 1 мая быў такі ціхі і сонечны, што здавалася, не можа адбыцца ніякай бяды. А яна прыйшла зусім нечакана. Бой паміж немцамі і партызанамі, які разгарэўся дзесьці ў раёне могілак, скончыўся хутка. Вуліцы напоўнілі крыкі немцаў, шум машын, матацыклаў, гул танкаў. Немцы, паліцэйскія сталі выганяць людзей з дамоў і зямлянак на вуліцу, агнём палыхнулі тыя рэдкія будынкі, якія засталіся некранутымі вайной. Чамусьці запомнілася, як асабліва стараліся карнікі, якія размаўлялі на ўкраінскай мове. Людзей выгналі на луг ля ракі. Гэта месца называлі ў народзе „На чырвонай“, пэўна, таму, што яно было недалёка ад двухпавярховага будынка з чырвонай цэглы (гэта збудаванне ў раёне аўтавакзала захавалася да сённяшняга дня). Фашысты акружылі людскі натоўп танкамі, накіравалі кулямёты і аўтаматы. Камянеючы ад страху, я трымалася за матчыну руку і з усіх сіл старалася ўспомніць словы малітвы „Ойча наш“, якую памятала ўсю вайну. Калі мне, нахінуўшыся, падказала іх маці, нешта адбылося са мной, я кінулася з натоўпу па траве да палаючых вуліц пасёлка. Памятаю, што за спіной пачалася страляніна, крыкі, а я бегла па ахопленай агнём і чорным дымам вуліцы і спадзявалася, што застануся жывой. Цяпер я веру, што адбыўся цуд. У тым пекле нейкія сілы захавалі жыццё не толькі мне, засталіся жывымі мае маці і бацька».
Па сведчаннях старажылаў, у той дзень загінула каля 50 клічаўлян — жанчын, старых і дзяцей. На жаль, нашы спробы ўстанавіць іх імёны пакуль не далі вынікаў. Мы даведаліся толькі некалькі прозвішчаў загінуўшых. Таму звяртаемся да чытачоў газеты: калі хто можа дапоўніць сваімі ўспамінамі нашы матэрыялы аб гэтай трагедыі, просім паведаміце краязнаўцам пошукавай групы «Ольса», якая размяшчаецца на базе Цэнтра дзіцячай творчасці (тэлефон 51-461).
* * *
70 гадоў прайшло з таго часу. І наш грамадзянскі і чалавечы абавязак — захаваць памяць аб ахвярах мінулай вайны. Ініцыятыва мясцовых жыхароў і краязнаўцаў пошукавай групы «Ольса» знайшла падтрымку ў мясцовай улады. Прынята рашэнне аб ўстанаўленні мемарыяльнага знака ў памяць аб загінуўшых 1 мая 1944 года клічаўлянах. Зараз вядзецца распрацоўка неабходнай дакументацыі. На карце раёна з’явіцца яшчэ адзін помнік як сімвал агульнага пакаяння і нашай удзячнай памяці.
Лідзія АЧЫНОВІЧ, кіраўнік пошукавага атрада «Ольса» Магілёўскага абласнога
гісторыка-патрыятычнага клуба «Виккру».